Поиск

Аляксандра Баярына: «Мае дзецi будуць размаўляць на мове»

Аляксандра Баярына: «Мае дзецi будуць размаўляць на мове»

Беларуская мова ўсё часцей выкарыстоўваецца ў рэкламе, «беларускасць» у трэндзе сярод дызайнераў. А цi лёгка выхаваць дзетак на роднай мове ў рускамоўным асяроддзi? На гэта i iншыя пытаннi адказала вядомая дызайнерка інтэр’ераў Аляксандра Баярына, якая нават сваю стужку на «Фэйсбуку» вядзе выключна па-беларуску.

Аляксандра Баярына

Дызайнерка інтэр’ераў

— Аляксандра, захапленне беларускасцю прыйшло да вас не «з калыскі», а ў пэўны момант, калі глядзець на сеціўнае жыццё. Што стала імпульсам?

— Надакучыла быць плінтусам рускага свету. Нам навязалі гэтую ролю, і пакуль мы знаходзімся ў маскоўскай сістэме каардынат, мы так і застанемся пустым месцам. Руская школа прывязала беларускую мову да ўсяго «калхознага». Нам пакінулі выбар: быць «калхознікамі» ці быць высока адукаванымі інтэлектуаламі, з вуснаў каторых сыплюцца цытаты рускіх класікаў. Але цяпер гэта не мая сістэма каардынат, гэтага ўсяго цяпер наўпрост не існуе для мяне. У мяне ёсць «Я», мая гісторыя, мая культура, мой шлях і мае мары.

— Размаўляць па-беларуску ў горадзе, дзе большасць рускамоўных, складана. Што выклікала найбольшы дыскамфорт?

— Людзі рэагуюць падкрэслена станоўча, часам пытаюцца, ці не выкладчыца я беларукай мовы і ці не працую на тэлебачанні. Дыскамфорт адчуваю толькі з нагоды сваіх неглыбокіх ведаў. Перад размовамі на непаўсядзённыя тэмы хвалююся, ці хопіць мне запасу словаў.

— У вас маленькая дачка. З ёй вы гаворыце толькі на мове?

— Так, з Янінай-Марыяй — толькі на мове. Зараз ёй 2,2 года. Сыночку нашаму, Яну-Каралю, — месяц. І Яня, і Карусь чулі мову яшчэ ў маміным жываце. Навукоўцы кажуць, гэта даказаны факт, што яшчэ да нараджэння дзеткі пазнаюць голас мамы і таты, ведаюць, што іх любяць і чакаюць.

«Я не раблю з рускай мовы ворага. На рускай размаўляюць бабулі і дзядулі маіх дзетак. Мы глядзім мультфільмы таксама і на рускай».

— Ці дастаткова прыгожых, яскравых выданняў для дзяцей на мове?

— Я, шчыра кажучы, думала: прыйду ў краму, набуду ўсё выдадзенае на мове і буду плакаць ад таго, што кніг так мала. Але яшчэ ёсць што набываць, так што я задаволеная.

«Выбар літаратуры па-беларуску сапраўды нешырокі. Калі глядзіш на тоны кніг па-руску і на дзве паліцы па-беларуску, адчуваеш сябе моцна дыскрымінаванай. Гэта несправядліва».

Якасць кніг часам вельмі сумнеўная. Апошняя мая пакупка — серыя «У свеце казак» выдавецтва «Беларускі Дом друку». Там не толькі шмат русізмаў, але і памылкі. Напрыклад, «Дзякаваць трэба не толькі мяне. Яшчэ і Мышку за тое, што першай знайшла грыб, але не з’ела яго». А ў казцы пра рэпку сабака не Жучка, а Жук. Я нават бачу, як перакладчык падвіс над тым, што сабака ў мове мужчынскага роду і яму трэба напісаць «Жучка прыйшоў», а не «Жучка прыйшла». І як ён элегантна выйшаў з сітуацыі: памяняў Жучку на Жука.

З прыемных і прыгожых кніг я б выдзеліла ўсю серыю пра Маму Му і «Эла і сябры» Ціма Парвела.

— Як плануеце вырашаць праблему з садком? Ці лёгка знайсці беларускамоўны дзіцячы садок?

— Я хацела паспрабаваць яслі. Тэлефанавала ў розныя дзіцячыя садкі з беларускімі групамі, але аказалася, што, нават калі садок на беларускай мове ёсць, яслей на беларускай мове няма. У адным садку мне нават даволі жорстка адказалі: «Як жа дзеці будуць разумець выхавацельку на мове, калі яны яшчэ не размаўляюць?» А па-руску дзіцятка, якое дома чуе беларускую, раптам будзе разумець? Абсурд.

Пасля я зрабіла афіцыйны запыт у свой райвыканкам, каб далі адрасы садкоў з беларускамоўнымі яслямі. Такіх няма. Так што рыхтуемся да садка, наступнай вясной будзем спрабаваць. Пакуль па рэкамендацыях сяброў спыніліся на садку №314, але ёсць і адмоўныя водгукі пра яго наконт вельмі вялікіх груп. Так што пытанне да гэтага часу адкрытае. Калі добрага садка на беларускай мове не знойдзем, у рускамоўную групу я дзяцей не аддам. Будзем наведваць «Сямейны падворак», ездзіць на заняткі «Мова нанова» для дзетак. Арганізую сустрэчы з іншымі беларускамоўнымі сем’ямі.

Прыгадваю расказы бабулі. Мая руская лінія продкаў — з мяшчанаў. Было створана даволі шырокае кола камунікацыі з сямей аднаго ўзроўню заняткаў, адукацыі і выхавання. Усе дзеткі былі з падобнымі інтарэсамі, памкненнямі, перспектывамі. Кожны месяц, а то і часцей, іх вазілі ў госці да іншых сямей, усе разам сустракаліся на святы. Так яны вырасталі, потым і жаніліся. На мой погляд, гэта вельмі гарманічны шлях: шлюбы паміж людзьмі аднаго бытавога выхавання маюць куды больш шанцаў на шчасце да самай старасці.

«Клопат пра стварэнне шырокага добрага кола для камунікацыі дзяцей ляжыць на бацьках».

— Ці не баіцеся вы, што дзіця будзе адчуваць дыскамфорт сярод рускамоўнага асяроддзя?

— Баюся. І ўпэўнена, што праблемы будуць. Але гэта тыя праблемы, дзеля якіх сорамна саступаць. Зраблю максімум, каб дыскамфорт быў не ў маіх дзяцей, а ў іншых. Хай вучаць мову. Ведаць шмат моваў — гэта, па-першае, прыгожа, а па-другое, карысна.

— Шчыра: ці не складана самой размаўляць на мове пастаянна?

— Я пакуль яшчэ цалкам не перайшла. Па працы з тымі, з кім даўно знаёмая, працягваю камунікаваць па-руску, на сямейных застоллях таксама па-руску. Але рыхтуюся да татальнага пераходу. Адчуваю, што хутка здолею перайсці і гэтую мяжу.

— Пытанне як да дызайнера: аўтэнтычнасць увайшла ў ваш хатні інтэр’ер? Ці купляеце вы беларускае?

— Я працую як дызайнерка інтэр’ераў ужо 17 гадоў. Былі б грошы, безумоўна, абставіла сабе жытло шэдэўрамі сусветнага дызайну. І яшчэ адну кватэру ў антыкварыяце мела б, каб у ёй мае мяшчанскія карані адчувалі асалоду быцця. Наконт беларускага: калі бачу штосьці вартае, адразу купляю ці планую купіць. 

«Я патэнцыйны шапаголік беларускага дызайну, дайце толькі той дызайн».

— Што б вы парэкамендавалі сем’ям, якія жадаюць перайсці на мову? З якімі цяжкасцямі прыйдзецца сутыкнуцца перш за ўсё?

— Рыхтуйцеся да радасці. З таго моманту, як мы з мужам перайшлі на мову і размаўляем з дачкой па-беларуску, я адчуваю ўнутры паўнату быцця.

А цяжкасць у нас адна — няма ўстаноў адукацыі. Патрэбны яслі, садок, школа і ўніверсітэт з беларускай мовай. Некаторая колькасць ёсць, і мы будзем там вучыцца, але трэба хаця б 50% беларускамоўных устаноў.

— У завяршэнні назавіце пяць беларускіх словаў, якія выклікалі ў вас асаблівыя эмоцыі.

— Дабрабыт, прага, ахінаць, паклікаць, пяшчота.


Фото: Иван Бесер, асабісты архіў гераіні
Другие материалы
Зимние каникулы 2017–2018: как провести их в Минске
Дети Зимние каникулы 2017–2018: как провести их в Минске
Зимние каникулы у школьников начнутся меньше...
1 Декабря 2017
Teen Fest: первый фестиваль молодежи
Дети Teen Fest: первый фестиваль молодежи
В Минске, в арт-пространстве «ВЕРХ», прошел...
28 Ноября 2017
MEGAdance–2017: как прошло шоу
Дети MEGAdance–2017: как прошло шоу
Мегатанцевальное событие нашей страны — международный...
27 Ноября 2017
День недоношенных детей: ранние ангелы в семье
Дети День недоношенных детей: ранние ангелы в семье
Ежегодно 17 ноября в мире отмечается Международный...
20 Ноября 2017
Модно и тепло: как одеть ребенка осенью-зимой
Дети Модно и тепло: как одеть ребенка осенью-зимой
Зима близко. И, несмотря на то, что еще можно...
31 Октября 2017